top of page

Чаму памірае беларуская вёска? Даследаванне

Працэс знікнення беларускай вёскі набыў незваротны характар. Вёска ў яе традыцыйным разуменні не проста згасае — яна завяршае свой гістарычны цыкл. Гэтая дэградацыя, падсілкаваная сістэмнымі памылкамі мінулага стагоддзя і неэфектыўнасцю як ранейшых, так і цяперашніх эканамічных мадэляў, стала фатальнай. Спробы рэанімацыі сельскага ўкладу праз дзяржаўныя праграмы адраджэння не далі эффекту.


Дэмаграфічная мапа рэгіёна

Наш рэгіён уяўляе сабой класічную мадэль дэградацыі сельскага рассялення. На працягу жыцця ўсяго аднаго пакалення тут з мапы знікаюць вёскі, якія стагоддзямі былі не проста месцам жыцця, але асновай мясцовай культуры, памяці і рэгіянальнай ідэнтычнасці. Там, дзе яшчэ нядаўна гарэла святло ў вокнах, працавалі школы і гучалі дзіцячыя галасы, сёння застаюцца закопаныя хаты, заросшыя агароды і пустыя вуліцы.


Разгледзім праблему на прыкладзе статыстыкі найбліжэйшых да нас населеных пунктаў Петрыкаўскага, Акцябаракага і Калінкавіцкага раёнаў. Тут аналіз дэмаграфічнай сітуацыі на перыяд да 2026 года выяўляе жорсткую іерархію выжывальнасці. Існуе прамая карэляцыя паміж адміністрацыйным рангам населенага пункта і хуткасцю яго дэпапуляцыі. Раённыя цэнтры, такія як гарадскі пасёлак Акцябрскі, дэманструюць адносную ўстойлівасць з павольным спадам 2009 год: 7367 чал. - 2019 год: 7342 чал.- 2026 год: 7060 чал.

аднак гэты эфект з’яўляецца другасным, ён дасягаецца не за кошт натуральнага прыросту, а шляхам паглынання чалавечага рэсурсу з вёсак раёну. 

Тое самае Калінкавічы-  2009 год: 38 381 чал. - 2019 год: 37 851 чал.- 2025 год: 36 656 чал.


Значна больш трывожная сітуацыя назіраецца ў раёнах- напрыклад калінкавіцкі раён з 1979 года страціў больш за 27 тысяч чалавек, а Петрыкаўскі за гэты час страціў  больш за 30 тысяч чалавек — гэта звыш паловы насельніцтва. Раённыя цэнтры губляюць людзей значна павольней, чым навакольныя вёскіі пасёлкі- тут эрозія насельніцтва адбываецца паводле паскоранага сцэнару:

Капаткевічы дэманструюць устойлівую тэндэнцыю да скарачэння насельніцтва, якая з часам толькі ўзмацняецца. Калі ў 2009 годзе тут пражывала 3415 чалавек, то ўжо да 2019 года колькасць насельніцтва знізілася да 2942 — гэта мінус 14% за дзесяцігоддзе. У наступныя гады працэс яшчэ больш паскорыўся: да 2026 года насельніцтва ўпала да 2649 чалавек. Пасёлак за 17 гадоў страціў 766 жыхароў.

Адміністрацыйны рэсурс сёння становіцца фактычна адзіным рэальным шчытом супраць абвальнай дэпапуляцыі.


Сельсаветы ў вольным падзенні

Для сельскіх тэрыторый працэс дэградацыі ўжо даўно выйшаў за межы праблемы «неперспектыўных» малых вёсак. Статыстыка перапісаў і сучасныя дадзеныя па сельсаветах паказваюць значна больш глыбокі крызіс: насельніцтва імкліва губляюць не толькі дробныя паселішчы, але і аграгарадкі, і сельсаветы ў цэлым.

На прыкладзе нашага рэгіёна добра бачна канцэнтрацыя людзей ва ўсё меншай колькасці населеных пунктаў. Аднак нават гэта ўжо не ратуе сістэму: аграгарадкі і цэнтры сельсаветаў таксама знайдуюцца ў фазе ўстойлівага скарачэння якое толькі паскараецца. Фактычна гаворка ідзе не пра лакальны заняпад асобных вёсак, а пра агульнае звужэнне ўсёй сельскай прасторы.

Пры гэтым малыя вёскі знаходзяцца ўжо ў стане свабоднага дэмаграфічнага падзення. Страціўшы моладзь і працаздольнае насельніцтва, яны хутка ператвараюцца ў тэрыторыі дажывання для пажылых жыхароў, пасля чаго знікаюць фактычна — застаючыся толькі назвамі і кропкамі на мапе.


Ніжэй прыведзеныя дадзеныя перапісаў 2009 і 2019 гадоў.


Асобныя даныя па кожнай вёсцы стануць даступнымі толькі пасля наступнага перапісу насельніцтва ў 2029 годзе. Аднак ужо цяпер няма аніякіх сумневаў, што працэс абязлюдзення не толькі працягваецца, але і працягвае паскарацца. Многія з вёсак, якія яшчэ прысутнічаюць у афіцыйнай статыстыцы апошняга перапісу, на практыцы ўжо не маюць пастаяннага насельніцтва або знаходзяцца на мяжы поўнага знікнення.

Ускосна гэта пацвярджаюць і актуальныя дадзеныя па сельсаветах на пачатак 2025 года. Ніжэй прыведзена табліца дынамікі насельніцтва па сельсаветах.


Нацыянальны абвал

Лакальная катастрофа ў нашай мясцовасці — толькі фрагмент агульнанацыянальнай карціны. За апошнія тры дзесяцігоддзі Беларусь перажыла беспрэцэдэнтнае скарачэнне сельскага насельніцтва.

Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь, калі ў 1994 годзе ў вёсках пражывала каля 3,3 мільёна чалавек, то сёння гэтая лічба знізілася ніжэй за 1,9 мільёна (–42,7%). Калі раней амаль кожны трэці жыхар Беларусі быў сельскім, то цяпер прыкладна кожны пяты.

За 30 гадоў паводле афіцыйных дадзеных краіна фармальна страціла амаль 1700 вёсак- у сярэднім кожны адміністрацыйны раён ліквідаваў каля 14 населеных пунктаў. Аднак мноства вёсак яшчэ існуе на паперы, даўно не маючы насельніцва.


Сацыяльна-дэмаграфічны профіль і міграцыйныя патокі

Статыстыка сведчыць: натуральнае змяншэнне ў вёсцы значна больш інтэнсіўнае, чым у горадзе. У 2024 годзе ў сельскай мясцовасці нарадзілася 13 300 дзяцей, але памерла 37 600 чалавек – амаль у тры разы перавышэнне нараджальнасці над смяротнасцю. Гэта выклікае абцяжараную ўзроставую структуру: моладзь ва ўзросце да 30 гадоў складае толькі ~17% сельскіх жыхароў, а сярэдні ўзрост жыхара вёскі каля 48 гадоў (гэта на 5 год старэйшы, чым у гарадах).

Аднак натуральнае скарачэнне насельніцтва — толькі частка праблемы. Не менш важны фактар — міграцыя з сельскай мясцовасці.


Сумеснае даследаванне навукоўцаў Гомельскага дзяржаўнага ўніверсітэта і БДУ (С. Д. Лін, Л. Е. Ціханава, «Дэмаграфічны патэнцыял беларускага сяла») выяўляе жорсткую заканамернасць: сельская мясцовасць не проста губляе людзей, яна прайграе бітву за самую актыўную частку грамадства.

  • Першы ўдар (15–19 гадоў): Гэта пік адтоку. Вёска масава губляе выпускнікоў 9-х і 11-х класаў. Моладзь разглядае горад як адзіную прастору для атрымання адукацыі і самарэалізацыі і назад амаль не вяртаецца.

  • Другі ўдар (25–29 гадоў): Гэта крытычны момант «адпрацоўкі». Навукоўцы фіксуюць інтэнсіўнае адмоўнае сальда міграцыі менавіта ў гэтым узросце. Маладыя спецыялісты, адбыўшы абавязковае размеркаванне, імкліва пакідаюць вёску, нават нягледзячы на прапановы жылля. Горад перамагае ў канкурэнцыі за якасць жыцця і кар’ерныя перспектывы.

  • Жаночы фактар: Даследчыкі падкрэсліваюць, што ва ўзросце да 40 гадоў інтэнсіўнасць зыходу вышэйшая сярод жанчын. Гэта стварае незваротны дэмаграфічны перакос: мужчын у вёсцы застаецца больш, але патэнцыял для стварэння новых сем'яў знікае.


На пачатак 2026 года ў сельскай мясцовасці Беларусі афіцыйна пражывае каля 1,89 млн чалавек. Пры гэтым працаздольнае насельніцтва складае толькі каля чвэрці ад гэтай колькасці, а рэальна занятых у вытворчым сектары яшчэ менш.

З 2000 года колькасць пажылых жыхароў у сельскай мясцовасці зменшылася амаль удвая- старэйшае пакаленне натуральным чынам сыходзіць. Адначасова колькасць дзяцей скарацілася на 45,8%. Улічваючы што большая частка моладзі пасля школы з’язджае ў гарады і назад ужо не вяртаецца- рэальная дэмаграфічная перспектыва выглядае яшчэ больш песімістычна, чым гэта бачна з сухіх лічбаў.



Даследаванне кандыдата эканамічных навук В. А. Пашкевіч (Інстытут сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі) паказвае, што міграцыя з вёскі ў горад стала для беларусаў стратэгіяй “выжывання”, накіраванай на дыверсіфікацыю даходаў і мінімізацыю сацыяльных рызык. Навуковец падкрэслівае, што адток насельніцтва правакуецца не проста жаданнем пераехаць, а крытычнай неразвітасцю сельскай інфраструктуры і адсутнасцю гарантый працаўладкавання для ўсіх членаў сям'і. Асаблівую трывогу ў экспертаў Акадэміі навук выклікае той факт, што міграцыя моладзі ўжо даўно перавышае тэмпы натуральнага ўзнаўлення насельніцтва, а ўзмацненне працоўнай міграцыі жанчын канчаткова падрывае перспектывы аднаўлення вёскі. У выніку ўнутрыабласныя перамяшчэнні, якія складаюць больш за 54% усіх міграцыйных патокаў, вядуць да непазбежнага тэрытарыяльнага дысбалансу і ператварэння вялікіх плошчаў краіны ў дэмаграфічную пустэчу.


Скарачэнне насельніцтва ў вёсцы непазбежна вядзе да згортвання сацыяльнай інфраструктуры, і гэты працэс выразна адлюстроўваецца ў статыстыцы.

Колькасць вучняў у сельскай мясцовасці знізілася да 161 тыс. чалавек — гэта на 10,7 тыс. менш, чым пяць гадоў таму, што сведчыць пра працяг скарачэння адукацыйнай базы.

Паралельна адбываецца і скарачэнне сеткі адукацыйных устаноў: у 2024 годзе ў сельскай мясцовасці працавала каля 1,5 тыс. дзіцячых садкоў і 1,4 тыс. школ, аднак за апошнія пяць гадоў іх колькасць зменшылася адпаведна на 178 і 161 установу.

За гэтымі лічбамі стаіць сістэмны сацыяльны ўдар па вёсцы. Закрыццё школы ў сельскім населеным пункце фактычна запускае ланцуг далейшай паскоранай дэградацыі. Гэта азначае страту значнай колькасці адносна якасных працоўных месцаў наносячы удар па лакальнай сацыяльнай структуры, дзе адукацыя часта была адным з апошніх стабільных апірышчаў занятасці.

Гэты працэс не абмяжоўваецца толькі школьным узроўнем. Яшчэ раней і больш незаўважна ён праяўляецца ў сістэме дашкольнай адукацыі, якая фактычна вызначае, ці застаецца вёска прывабнай для маладых сем’яў.

Сёння ў сельскіх дзіцячых садках выхоўваецца 45,6 тысячы дзяцей — на 13,2 тысячы менш, чым у 2019 годзе. Пры гэтым садкі наведваюць толькі 58,6% дзяцей дашкольнага ўзросту. Для параўнання, у гарадах гэты паказчык дасягае амаль 96%.

Гэта азначае не толькі меншую даступнасць, але і іншы ўзровень стартавых магчымасцяў для дзяцей з вёскі.

Не менш паказальная і сітуацыя з медыцынай. Поўных статыстычных дадзеных аб даступнасці медыцынскай дапамогі на вёсцы няма, аднак вынік бачны ў галоўным паказчыку — працягласці жыцця.

Сярэдні жыхар сельскай мясцовасці жыве каля 71,7 года, у той час як гараджанін — 75,7. Розніца ў чатыры гады — гэта не проста лічба, а адлюстраванне няроўных умоваў жыцця.


Даследаванне Інстытута сістэмных даследаванняў у АПК НАН Беларусі фіксуе глыбокі структурны разрыў у развіцці сельскай гаспадаркі: скарачэнне працоўных рэсурсаў у вёсцы адбываецца хутчэй, чым аграрны сектар здольны кампенсаваць яго за кошт мадэрнізацыі і тэхналагічнага абнаўлення.

да таго ж акадэмічныя дадзеныя фіксуюць не толькі вельмі хуткае скарачэнне працоўных рук, але і анамальнае прыхаванае беспрацоўе, якое ў 4–6 разоў перавышае афіцыйныя лічбы. Навукоўцы Акадэміі навук прама заяўляюць, што заніжаная цана працы і тэхналагічная адсталасць канчаткова падрываюць магчымасць аднаўлення кадраў ў сельскай гаспадарцы. Галоўная выснова дзяржаўных экспертаў нясуцяшальная: без развіцця малога прадпрымальніцтва і стварэння альтэрнатыўных працоўных месцаў любыя спробы павысіць прадукцыйнасць у аграрным сектары застануцца абмежаванымі і не змогуць кампенсаваць страты працоўнага патэнцыялу.


Канец асабістай гаспадаркі

Паралельна са скарачэннем насельніцтва адбываецца і дэградацыя асабістых падсобных гаспадарак. Гістарычна беларуская вёска трымалася на сімбіёзе калгаснай вытворчасці і прыватнага падвор’я. Сёння гэты сімбіёз разбураны: сельскі жыхар перастаў быць вытворцам на ўласнай зямлі.

Статыстычны штогоднік Рэспублікі Беларусь за 2025 год фіксуе фактычна абвальны спад паказчыкаў дамагаспадарак. Пасяўная плошча дамагаспадарак яшчэ нядаўна- ў 2010 годзе складала 591 тыс. га, а ў 2024 годзе — толькі 230 тыс. га (зніжэнне больш чым у 2,5 разы). Пагалоўе кароў у прыватных гаспадароў скарацілася з 169 тыс. галоў у 2010 годзе да 35 тыс. у 2024-м (амаль у 4,8 разы). ( 30 гадоў таму яно дасягала больш за 400 тыс. галоў.)

Сучасны сельскі жыхар усё часцей купляе малако і хлеб у краме або аўталаўцы, фактычна ператвараючыся па мадэлі спажывання ў гараджаніна, пазбаўленага гарадскіх выгод. Без уласнай гаспадаркі знікае галоўны сэнс жыцця ў вёсцы — эканамічная сувязь з зямлёй.


Гістарычны генезіс катастрофы: ад гаспадара да падзёншчыка

Сучасны стан вёскі немагчыма зразумець без аналізу падзей 1920–1930-х гадоў, калі сялянства перажыло радыкальныя перамены. Менавіта ў гэты перыяд адбыўся пераход ад адносна самастойнай сельскай гаспадаркі да жорстка рэгламентаванай калектывізаванай сістэмы, якая істотна змяніла структуру ўласнасці, матывацыю працы і сацыяльную арганізацыю вясковага жыцця.

Вядомы гісторык Цімаці Снайдэр у сваім даследаванні "Крывавыя землі" разглядае калектывізацыю як форму дзяржаўнага тэрору. Паводле Снайдэра, высылка "кулакоў" была не проста эканамічнай мерай, а свядомым разбурэннем традыцыйнага грамадства. Для Беларусі гэта стала актам дэмаграфічнага генацыду: вёска страціла не проста працоўныя рукі, а свой інтэлектуальны і прадпрымальніцкі генетычны фонд.

У літаратуры гэта добра паказаў Іван Мележ у сваёй «Палескай хроніцы»: гэтыя падзеі ў творы прадстаўлены як глыбокая духоўная трагедыя. Разбурэнне прыватнай гаспадаркі ў Куранях было не проста зменай формы ўласнасці, а гвалтоўным зломам народнай псіхалогіі. Гэта стала кропкай незвароту, пасля якой зямля перастала быць для селяніна святыняй і ператварылася ў чужую, «нічыйную» калгасную прастору.

Як заўважае філосаф Валянцін Акудовіч, менавіта ў гэты перыяд адбылося самае страшнае: беларус страціў статус «гаспадара» на сваёй зямлі. Калі быць паспяховым стала смяротна небяспечна, вёска выбрала стратэгію ціхага прыстасавання дзеля выжывання.


Пашпартная блакада і неапрыгон.

Да сярэдзіны 1970-х савецкая вёска трымалася на фактычным прымусе. Адсутнасць пашпартоў ў калгаснікаў была формай неапрыгоніцтва.

  • 1950–1970-я гады: Сярэднегадавы адток з вёскі ў СССР складаў 1,7 млн чалавек. Людзі выкарыстоўвалі любую магчымасць (армію, лімітныя квоты на будоўлію усесаюзныя будоўлі), каб збегчы ад галечы і беспраўя.

  • 1976–1981 гады: Калі пашпарты нарэшце сталі абавязковымі для ўсіх. Гэта супала з ужо запушчанымі працэсамі ўрбанізацыі, і ў выніку адток з вёскі моцна паскорыўся.


Міф пра «моцную савецкую вёску»

Адна з самых устойлівых ідэяў, якая часта гучыць у размовах пра сённяшні крызіс вёскі, выглядае прыкладна так: у савецкі час сельская гаспадарка нібыта была стабільнай і працаздольнай, калгасы квітнелі і развіваліся, у вёсцы было шмат людзей, і жыццё выглядала трывалым. Пасля распаду СССР, маўляў, гэтую сістэму зламалі, і разам з ёй пачаў знікаць сам вясковы лад.

Гэтая карціна прывабная сваёй простасцю, але яна ігнаруе фундаментальныя эканамічныя працэсы, якія пачаліся за дзесяцігоддзі да распаду Саюза.

Насамрэч, савецкая аграрная сістэма ўжо ў 1970–80-я гады знаходзілася ў стане глыбокай стагнацыі. Яна не «працавала» ў класічным разуменні — яна існавала ў рэжыме пастаяннай фінансавай рэанімацыі.


Паводле афіцыйных савецкіх дадзеных, карціна выглядала наступным чынам:

  • Падзенне рэнтабельнасці: З 24% у 1960-х гадах яна абвалілася да 6% у пачатку 1980-х.

  • Стратнасць: Да 1980 года амаль палова калгасаў і саўгасаў былі планава-стратнымі. Яны не зараблялі на сваё існаванне, а жылі за кошт бюджэту.

  • Гіганцкія датацыі: У аграрны сектар былі ўкладзены астранамічныя сумы — каля 400 мільярдаў рублёў за два дзесяцігоддзі.


Як адзначаў вядомы эканаміст Ягор Гайдар у працы «Загібель імперыі», сельская гаспадарка СССР стала адным з самых датацыйных сектараў эканомікі. Дзяржава была вымушана бясконца павялічваць уліванні, каб проста падтрымліваць жыццядзейнасць сістэмы, якая страчвала здольнасць вырабляць прадукт самастойна.

Самым яркім доказам неэфектыўнасці стала імпартная залежнасць. Краіна з самымі багатымі чарназёмамі і каласальнымі абшарамі не магла пракарміць саму сябе. У пачатку 1980-х больш за траціну зерня СССР закупляў за мяжой — у асноўным у ідэалагічных праціўнікаў (ЗША, Канада). Гэта быў гістарычны нонсэнс: велізарная аграрная база вымушана была імпартаваць хлеб.

Чаму сотні мільярдаў рублёў сыходзілі ў пясок? Даследчык аграрнага сектара Аляксандр Нікулін падкрэслівае, што калгасная сістэма вынішчыла галоўнае — асабістую зацікаўленасць чалавека. Селянін ператварыўся ў «дзёншчыка», які атрымліваў заробак амаль незалежна ад выніку сваёй працы. Гэта прывяло да:

  1. Нядбайнага стаўлення да тэхнікі і рэсурсаў.

  2. Масавага крадзяжу («нясуны»).

  3. Канчатковага разрыву эмацыйнай сувязі «чалавек — зямля».


Таму сцвярджэнне «ўсё развалілі» — гэта грубае спрашчэнне. Калі пасля 1991 года дзяржаўная падтрымка рэзка скарацілася, сістэма пачала распадацца не таму, што яе нехта спецыяльна нішчыў, а таму, што яна ніколі не магла функцыянаваць самастойна ў рынкавых умовах. Калгасы былі штучнымі канструкцыямі, якія жылі, пакуль працавала нафтавая помпа.


Аграгарадкі: Мільярды ў фасады

Калі ў 1994 годзе была абвешчана стаўка на захаванне савецкай мадэлі сельскай гаспадаркі, гэта выглядала  як паратунак ад «дзікага рынку». Але праз тры дзесяцігоддзі відаць, што кансервацыя старой схемы не забяспечыла яе выхад на стабільную і эфектыўную працу: сістэма не стала самадастатковай і працягвае функцыянаваць у значнай ступені за кошт дзяржаўнай падтрымкі, а паказчыкі рэнтабельнасці сельскагаспадарчых арганізацый застаюцца нізкімі і нестабільнымі (Белстат — афіцыйная статыстыка АПК)

Пры гэтым альтэрнатыўная мадэль таксама фактычна не была сфарміравана.

За гэты час прыватны сектар так і не вырас да маштабу, здольнага замяніць старую калектыўную сістэму, а дзяржава працягвала падтрымліваць яе праз праграмы ўзбуйнення, далучэння саўгасаў да непрофільных прадпрыемстваў і стварэння аграгарадкоў.


Сімвалам дзяржаўнай палітыкі стала «Дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гады» з астранамічным бюджэтам каля 32 мільярдаў даляраў. Аднак гэтая маштабная спроба стварыць аграгарадкі як «праваднікі высокіх стандартаў» шмат у чым паўтарыла метадалагічныя памылкі савецкага часу.

Як даводзіць гісторык Надзея Якуш («Працы БДТУ», №1, 2024), канцэпцыя канцэнтрацыі рэсурсаў выключна ў «перспектыўных» пунктах была замацавана яшчэ пастановамі ЦК КПБ у 1978 годзе. Гэты метад «рэгіянальнай застройкі» штучна падзяліў вёскі на ўзорныя і «бесперспектыўныя», што ў выніку прывяло да дадатковай дэградацыі перыферыі. 

Яшчэ тады людзей спрабавалі завабіць жыллём, але і як і цяпер гэта працавала слаба.


У прыватнасці, аналітыкі часопіса «Директор» і эксперты Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта (БДЭУ) у сваіх даследаваннях звяртаюць увагу на наступныя праблемы праграмы адраджэння і развіцця сяла на 2005–2010 гады:

  1. Інвестыцыйны дысбаланс: Асноўны капітал накіроўваўся ў «сцены» (жыллё, рамонт адміністрацыйных будынкаў), у той час як тэхналагічнае абнаўленне і рост заробкаў рэальных вытворцаў часта адставалі. У выніку знешні дабрабыт аграгарадкоў не заўсёды адпавядаў іх эканамічнай эфектыўнасці: паляпшэнне асяроддзя само па сабе не стварала ўстойлівай матывацыі для жыцця і працы ў вёсцы.

  2. Эфект «цэнтр-перыферыя»: Навукоўцы-географы і сацыёлагі (напрыклад, у працах, апублікаваных у «Часопісе БДУ») падкрэсліваюць, што канцэнтрацыя рэсурсаў у аграгарадках паскорыла дэградацыю навакольных вёсак. Аграгарадок станавіўся не «рухавіком» для ўсяго сельсавета, а «пыласосам», які выцягваў апошнія працоўныя рэсурсы з навакольных тэрыторый, пакідаючы у малых вёсках толькі пенсіянераў.

  3. Нізкая аддача капіталу: Як адзначалася ў матэрыялах эканамічных форумаў і аналітыцы банкаўскага сектара (напрыклад, у аглядах Нацбанка мінулых гадоў), аграрны сектар заставаўся хранічна закрэдытаваным. Велізарныя дзяржаўныя ўліванні не прывялі да таго, каб вёска стала самадастатковай — яна па-ранейшаму патрабуе пастаяннага пераразмеркавання сродкаў з іншых галін эканомікі.


Такім чынам дзяржаўная падтрымка вёскі ў Беларусі ператварылася ў спробу ўтрымаць форму без змены сутнасці. Як паказваюць навуковыя даследаванні сацыяльна-эканамічнага развіцця рэгіёнаў, стварэнне асобных кропак росту без развіцця прыватнай ініцыятывы і гнуткай мясцовай эканомікі не здольна спыніць глабальны працэс абязлюджвання вёскі.


Чаму Беларусь гэта выключэнне

Часта можна пачуць, што выміранне вёсак — гэта агульнасусветны трэнд, вынік глабальнай урбанізацыі: паўсюль людзі пераязджаюць з вёскі ў гарады. Аднак дэталёвае параўнанне, напрыклад, з суседнімі краінамі Усходняй (так сама посткамуністычнай) Еўропы паказвае, што беларуская сітуацыя мае прыкметы анамаліі. У Польшча, Літве, Чэхіе і Венгрыі таксама адбываецца канцэнтрацыя насельніцтва ў гарадах, аднак вёска там не знікае такімі тэмпамі, як у Беларусі.

Ключ да разумення розніцы ляжыць у эканамічнай мадэлі. Возьмем для параўнання Польшчу.

Польшча прайшла праз імклівую ўрбанізацыю пасля вайны, і да пачатку 90-х доля сельскіх жыхароў там знізілася да 38%. Аднак потым адбылося нешта нечуванае для нашых шырот: доля сельскага насельніцтва не проста стабілізавалася, а пачала расці, дасягнуўшы сёння 41%

Прынцыповае адрозненне ў тым, што польская вёска захавала прыватную структуру: невялікія фермерскія гаспадаркі памерам у 10 гектараў аказаліся больш жыццяздольнымі ў эканамічным і дэмаграфічным плане, чым гіганцкія дзяржаўныя прадпрыемствы дзе замест гаспадара- дырэктар. У суседніх краінах сельскія тэрыторыі таксама змяняюцца, аднак гэтыя працэсы звычайна носяць больш збалансаваны характар і не прыводзяць да такой ступені сістэмнага заняпаду, як гэта назіраецца ў Беларусі.


Гэтаму спрыялі два асноўныя фактары:

  1. Жыццяздольнасць фермерства: Земляробства засталося сямейнай справай- бізнэсам які забяспечвае даход і працу для ўсё сям’і.

  2. Субурбанізацыя: Жыхары гарадоў пачалі масава пераязджаць у сельскую мясцовасць у пошуках спакою, не губляючы пры гэтым доступу да благаў цывілізацыі дзякуючы добрай інфраструктуры.


    У міжнародных даследаваннях таксама падкрэсліваецца, што тэрыторыі, дзе ў XX стагоддзі пераважалі калектывізаваныя або дзяржаўныя формы гаспадарання (або іх аналагі), у доўгатэрміновай перспектыве часта дэманструюць слабейшую дыверсіфікацыю сельскай эканомікі і больш выражаныя працэсы дэпапуляцыі. Гэта адзначаецца ў аглядах Арганізацыя эканамічнага супрацоўніцтва і развіцця (OECD Rural Policy Reviews), а таксама ў даследаваннях Сусветнага банка па сельскім развіцці і структурных трансфармацыях у постсацыялістычных краінах.

    Агульная выснова міжнароднай літаратуры заключаецца ў тым, што ўстойлівасць сельскіх тэрыторый залежыць не столькі ад маштабу дзяржаўных укладанняў, колькі ад наяўнасці прыватнай ініцыятывы, шматукладнасці эканомікі і магчымасці лакальнай адаптацыі.


Мільярды без выніку: чаму грошы не ратуюць вёску

За апошнія тры дзесяцігоддзі на падтрымку сельскай гаспадаркі ў Беларусі былі накіраваны дзясяткі мільярдаў долараў. Паводле ацэнак, толькі прамыя субсідыі маглі скласці каля 30 млрд.

На першы погляд, у гэтым няма нічога незвычайнага. У краінах Еўрапейскага саюза сельская гаспадарка таксама з’яўляецца датацыйнай галіной. Фермеры атрымліваюць значную падтрымку.

Аднак ключавая розніца — у тым, як гэтыя грошы працуюць.

Паводле ацэнак беларускіх СМІ і аналітычных матэрыялаў, у Польшчы аб’ём падтрымкі складае прыкладна 120–260 долараў на гектар. У Беларусі фармальна гэты паказчык таксама можа дасягаць каля 200 долараў. Але значная частка гэтых сродкаў не даходзіць непасрэдна да гаспадарак — фактычна гаворка ідзе прыкладна пра 80 долараў «жывых» грошай на гектар.

На гэтым падабенства заканчваецца.


У Еўрапейскім саюзе, нягледзячы на датацыі, сельская гаспадарка застаецца высокаэфектыўным сектарам. Ураджайнасць, прадукцыйнасць працы і экспартная аддача там істотна вышэйшыя, чым у Беларусі.

Прычына — у самой мадэлі. У Еўропе субсідыі ўбудаваныя ў рыначную сістэму: грошы атрымлівае фермер — уладальнік зямлі і бізнесу, які наўпрост зацікаўлены ў выніку. У беларускай мадэлі падтрымка праходзіць праз буйныя холдынгі, гаспадаркі, крэдыты і розныя фінансавыя механізмы, дзе сувязь паміж укладзенымі сродкамі і канчатковай эфектыўнасцю часта губляецца.

Гэта добра відаць у лічбах. Паводле міжнароднай статыстыкі, ураджайнасць зерневых у Беларусі складае каля 3,4 тоны з гектара, у той час як у краінах ЕС — у сярэднім 4–6 тон. Па пшаніцы разрыў яшчэ большы: каля 3,5 т/га супраць 5–7 т/га ў вядучых еўрапейскіх краінах.

Яшчэ больш паказальны прыклад — параўнанне з суседзямі: Напрыклад Літва, маючы ў тры разы меншае насельніцтва і ўдвая менш раллі, вырабляе аб’ёмы збожжа, супастаўныя з беларускімі (5,4 млн тон супраць 6,2 млн тон у Беларусі ў 2023 годзе). Гэта азначае, што еўрапейская мадэль пры тых жа або нават меншых укладаннях атрымлівае з кожнага гектара ў паўтара-два разы больш прадукцыі дзякуючы ў тым ліку асабістай зацікаўленасці ўласніка.

Гэта і ёсць галоўнае адрозненне.

Пакуль у адной мадэлі датацыі павышаюць эфектыўнасць, у другой яны часта толькі кампенсуюць яе недахоп.



У Беларусі таксама існуе фермерскі сектар, аднак яго роля пакуль застаецца абмежаванай. Колькасць прыватных фермерскіх гаспадарак адносна невялікая.

Паводле «Статыстычнага штогодніка Рэспублікі Беларусь (2025)», на фермерскі сектар прыпадае каля 4% усіх сельскагаспадарчых зямель. Пры гэтым менавіта гэтыя невялікія гаспадаркі дэманструюць высокую эканамічную эфектыўнасць: у 2024 годзе каля 87% фермерскіх гаспадарак былі прыбытковымі, а агульны аб’ём іх чыстага прыбытку склаў 288,2 млн рублёў.

Гэта стварае выразны кантраст з класічнымі буйнымі дзяржаўнымі сельскагаспадарчымі прадпрыемствамі, значная частка якіх працуе з нізкай рэнтабельнасцю або застаецца хранічна стратнай.


Нават пры істотна большых рэсурсах дзяржаўныя прадпрыемствы дэманструюць ніжэйшую гнуткасць і слабейшую адаптацыю да рынкавых умоў, у той час як фермерскія гаспадаркі, абмежаваныя ў зямлі і тэхніцы і доступу да фінансаў, вымушаны працаваць больш рацыянальна і эканамічна жорстка.

У Беларусі ёсць паказальныя лакальныя прыклады, дзе эканамічная ўстойлівасць вёскі забяспечваецца не датацыямі, а прыватнай вытворчай актыўнасцю. Найбольш вядомы выпадак — Альшаны, дзе асноўай развіцця стала агародніцтва і дробнае фермерства.

Як адзначае Onliner, гэтая супольнасць змагла сфарміраваць самадастатковую эканоміку з высокай унутранай занятасцю: значная частка насельніцтва працуе «на месцы», за кошт сямейных гаспадарак і лакальнага бізнесу. У выніку ў вёсцы захоўваецца стабільны дэмаграфічны баланс і нізкі ўзровень адтоку моладзі ў горад.


Ці можна штосці змяніць ў маштабе краіны? Цвярозы погляд на будучыню

Калі глядзець на сітуацыю без ідэалагічных шор, даводзіцца прызнаць: эфектыўнага спосабу вярнуць людзей у вёску ў ранейшых маштабах не існуе. Беларуская вёска ў тым выглядзе, у якім яна фармавала нацыю стагоддзямі, завяршае свой гістарычны цыкл.

Справа ў тым, што праблема сельскай дэмаграфіі і эканомікі носіць не толькі інстытуцыйны, але і структурна-гістарычны характар. Нават калі фармальна змяніць форму ўласнасці- гэта не створыць аўтаматычна ні чалавечы капітал, ні прадпрымальніцкія навыкі, ні рынкавую інфраструктуру, неабходную для масавага фермерства. Умовы, у якіх прыватная ініцыятыва працуе эфектыўна з’яўляюцца вынікам доўгай эвалюцыі, а не адміністрацыйнага рашэння.


Чаму традыцыйныя рэцэпты не спрацуюць?

  1. Дэмаграфічнае рэха і утрата навыкаў. Постсавецкая вёска пакутуе ад «адмоўнага адбору». Дзесяцігоддзі калгаснай сістэмы ператварылі гаспадара ў выканаўцу. Як адзначае сацыёлаг Святлана Навумава, праца ў калгасах вытраўляла прыватную ініцыятыву. Фермерства — гэта складаны менеджмент, да якога сучасны вясковец, прывыклы да вертыкальнага кіравання, часта не гатовы ментальна.

  2. Ілюзія рэстытуцыі. Перадача зямлі ў прыватную ўласнасць ці вяртанне адабраных савецкай уладай земляў, якая ячэ магла часткова выратаваць вёску ў 1990-х (паводле мадэлі Польшчы, Літвы, Эстоніі, Чэхіі і інш), сёння сутыкнецца з адсутнасцю «крытычнай масы» здольных і ахвотных. Гараджанін у трэцім пакаленні не вернецца да цяжкай фізічнай працы на зямлі.

  3. Адміністрацыйны бар’ер. Сучасная сістэма кіравання ў Беларусі маналітна заточана пад буйныя дзяржпрадпрыемствы. Як паказваюць даследаванні эканамістаў БДЭУ, малы фермер у Беларусі знаходзіцца ў непрывілеяваным становішчы ў параўнанні з вертыкальна-інтэграванымі структурамі.


Новыя стратэгіі: не «адраджэнне», а адаптацыя да рэальнасці

У сучаснай экспертнай дыскусіі ўсё часцей гучыць думка, што традыцыйная ідэя «адраджэння вёскі» ў маштабах XX стагоддзя ўжо не адпавядае дэмаграфічным і эканамічным рэаліям. Гаворка ідзе не пра вяртанне мінулай мадэлі, а пра пошук спосабаў адаптацыі да доўгатэрміновага скарачэння сельскага насельніцтва.

Канцэпцыя «разумнага сціскання» (smart shrinkage). Гэтая мадэль, распрацаваная і шырока абмяркоўваная ў Германіі і краінах Скандынавіі, зыходзіць з простага прызнання: частка тэрыторый будзе і далей губляць насельніцтва. Пытанне не ў тым, як спыніць гэты працэс любой цаной, а ў тым, як скараціць інфраструктуру без абвальнага падзення якасці жыцця для тых, хто застаўся. Гэта не капітуляцыя, а планаванне ў межах рэальнасці.

Тэхналагічная трансфармацыя сельскай гаспадаркі. Будучая сельская эканоміка ўсё менш будзе падобная да традыцыйнай вёскі з вялікай колькасцю ручной працы. Усё большую ролю будуць адыгрываць аўтаматызацыя, дакладнае земляробства і мінімізацыя колькасці работнікаў. У такім сцэнары аграгарадкі могуць ператварыцца ў невялікія апорныя пункты для абслугоўвання тэхнікі, лагістыкі і кіравання вытворчасцю, а не ў цэнтры масавай занятасці.

Экалагічная рэкультывацыя («Rewilding»). Вяртанне прыродзе тых зямель, якія больш не выгадна апрацоўваць. Гэта стратэгія ператварэння былых сельгасугоддзяў у прыродныя лясныя запаведнікі што можа стаць новым рэсурсам для экатурызму і развіцця лясной гаспадаркі.



Знікненне традыцыйнай вёскі — гэта не толькі канец старой мадэлі, але і пачатак новага цыклу.

1. Экалагічны рэнесанс.На закінутых землях прырода аднаўляецца даволі хутка. Зніжэнне антрапагеннай нагрузкі, меншае выкарыстанне хіміі і скарачэнне інтэнсіўнай апрацоўкі паляпшаюць стан глеб, вады і біярознастайнасці. Малапрадуктыўныя землі паступова могуць вяртацца ў лясны фонд, забалочвацца і станавіцца рэсурсам для экатурызму, аховы прыроды і вугляроднага назапашвання.

2. Вёска як прастора новага сэнсу.Частка сельскіх тэрыторый можа атрымаць другое жыццё ўжо не як зона масавай аграрнай працы, а як месца для дыстанцыйнай занятасці, рамёстваў і жыцця ў больш спакойным асяроддзі да чаго імкнецца ўсё больш людзей.


Прысуд часу

Цяжка глядзець на пустыя вёскі, дзе дамы стаяць без вокнаў, з праваленымі дахамі і пустэчу замест двароў. Яшчэ цяжэй — памятаць іх іншымі: калі вуліцы былі поўныя дзяцей, калі людзі будавалі хаты з упэўненасцю, што тут будзе жыццё і будучыня.

Але замест гэтага прыйшло павольнае, амаль непрыкметнае выміранне. Не катастрофа аднаго дня, а доўгі і няўмольны працэс.

Беларускай вёсцы, верагодна, давядзецца змяніць сваю гістарычную ролю. Паводле цяперашніх дэмаграфічных тэндэнцый, значная частка малых вёсак можа знікнуць ужо да сярэдзіны XXI стагоддзя, застаўшыся толькі ў літаратуры, архівах і асабістай памяці. Частка аграгарадкоў таксама будзе паступова губляць насельніцтва, і толькі некаторыя здолеюць стабілізавацца як лакальныя цэнтры або тэхналагічныя аграрныя вузлы.

Прызнанне гэтага — не пра песімізм, а пра адказнасць. Бо без яснага разумення маштабу і незваротнасці працэсаў немагчыма ні рацыянальная палітыка, ні рэальная стратэгія будучыні. І чым раней гэта будзе сказана ўслых, тым больш шанцаў не на ілюзорнае «адраджэнне», а на годнае і разумнае пераўладкаванне сельскай прасторы.


Артыкул падрыхтаваны на базе даследавання курсавой работы.




Сякерычы 2014-2026

Увага! Выкарыстанне матэрыялаў з сайта, без прамой спасылкі на сайт- забараняецца!

bottom of page