top of page

Жыццё на хутары блізу Сякерыч. Мемуарны нарыс

У канцы 90-х мне шанцавала не раз бываць у гасцях у Пелагеі Сяргееўны, дзе я слухала мноства цікавых аповедаў пра мінулыя часы і людзей. Многае ўжо забылася з тых аповедаў, але я паспрабую пераказаць цікавыя замалёўкі, якія ўспамінаюцца асабліва ярка. Адразу выбачаюся за магчымыя памылкі і недакладнасці.


Пелагея Сяргееўна, па мужу Мухіна, была адной з тых людзей, якія маглі ўзяцца амаль за любую працу. Яна казала, што ўмее ўсё — і стог паставіць у полі, і бярвяны зруб скласці. Але больш за ўсё мяне ўражвала тое, што яна ніколі не купляла хлеб. Кожны раз, калі я прыходзіла да яе, на стале заўсёды быў хатні бездражджавы хлеб на заквасцы — такі, які рабілі яшчэ продкі. А смак і водар яе супоў і баршчоў, якія яна гатавала ў гліняных гаршчках у печы, былі непаўторныя і назаўсёды засталіся ў маёй памяці.


Хата Пелагеі стаяла на ўскрайку Школьнай вуліцы, якая пазней атрымала назву Ветэранаў. У яе жыцці было багата працы, але і шмат любові — да роднай зямлі, да сваёй сям’і і да традыцый, якія яна шчодра перадавала новым пакаленням.

ree

Яскрава ўспамінаюцца яе расказы пра дзяцінства на хутары ва ўрочышчы Млінок дзе побач з некалькімі іншымі сем’ямі жылі і яны. Гэта былі 1920-1930-я гады. Пелагея Сяргееўна апавядала, што ў іх гаспадарцы было ўсё неабходнае для сялянскага жыцця — некалькі коней, авечкі, свінні, каровы, валы і іншае, мелі так-сама свой інвентар, млыны. Гэта быў час, калі зямля сама давала ўсё, што трэба, каб выжыць і жыць годна. Нягледзячы на цяжкія ўмовы, Пелагея згадвала, што жылі добра і ўспамінала, як гэта было — пасвіць жывёл, працаваць у полі, вырошчваць ураджай, ткаць. Вось так, у працах і клопатах, яны жылі вялікай сям'ёй, дзе кожны быў на сваім месцы і выконваў адпаведную працу ў іх сялянскай гаспадарцы.

ree

А сям'я Пелагеі была вялікая — каля дзесяці дзяцей (дакладную лічбу нажаль ўжо не памятаю). Старэйшыя дзеці, хлопцы — працавалі з бацькам: касілі, аралі, нарыхтоўвалі дровы, рабілі іншыя цяжкія работы. Меншыя дзеці пасвілі авечак і валоў, а маці цяжка працавала ў хатніх справах — гатавала ежу для вялікай сям’і, пазней наймалодшыя дзеці разносілі яе працуючым на полі родзічам. Жыццё было цяжкім, але ўсе трымаліся разам і дапамагалі адзін аднаму, таму ніколі не галадалі і нават мелі пэўныя запасы. Маглі нават мець добрае адзенне і цёплы абутак, што ўжо лічылася тады прыкметай заможнасці, але не мелі, бо ўжо паступова надыходзілі цёмныя часы названыя пазней Чырвоным Тэрорам.


Так, маці Пелагеі была хворая на ногі, хвароба прагрэсавала, і яна мусіла дбаць і трымаць іх у цяпле. Для гэтага бацька ўсё ж зрабіў ёй цёплыя валёнкі з авечай шэрсці. Ён мог дазволіць сабе зрабіць валёнкі і для сябе, і для дзяцей, але дзеці працягвалі хадзіць паўбасанож у лапцях. Зрабіць валёнкі ўсім- было вельмі небяспечным у тыя часы, бо дзеці хадзілі ў школу, і калі б іх убачылі ў вёсцы ў цёплых валёнках, гэта магло прывесці да расследавання і абвінавачанняў у кулацтве.

ree
ree

Але з часам натуральныя падаткі, якімі абкладала сялян савецкая дзяржава, усё больш нагадвалі канфіскацыю ўсяго, што знойдуць. «Продoтряды», не зважаючы на колькасць дзяцей і тое, як іх карміць, забіралі амаль усё, што ўдавалася вырасціць і выгадаваць цяжкай працай.



Моцна запала ў памяць юнай Пелагеі гісторыя пра тое, як аднойчы, калі карова расцялілася, сям'я схавала цяля ў пограбе хаты, каб у тайне вырасціць яго і пракарміць дзяцей. Адпайвалі яго, кармілі і лілеялі ўсёй сям’ёй, бо то была надзея на невялікую палёгку і што ў зімку не прыйдзецца галадаць. Але цялёнак падрастаў і быў спрытны — хацеў пабачыць сонца і ў адзін з момантаў раптоўна выскачыў на двор. Пакуль лавілі цяля, пабачыў гэта адзін з суседзяў і данёс. Неўзабаве прыехалі і забралі яго, што стала вялікім горам для сям'і. Пелагея Сяргееўна з горыччу ўспамінала, як усе ад мала да вяліка плакалі тады ў безнадзеі.

ree

Далей для сялян усё толькі пагаршалася. Да гэтага іх абкладалі амаль непасільнымі падаткамі, але яны маглі заставацца жыць асобна на хутарах і апрацоўваць зямлю ў сваёй гаспадарцы. Але з вясны 1936 года гэта фактычна стала забаронена. Хто не хацеў сам сцягваць сядзібу ў вёску і аддаваць увесь свой маёнтак, таго сілай прымушалі да ўступлення ў калгас. Для гэтага спецыяльныя органы прыяжджалі і зкідвалі стрэхі з хат, бурылі печы, вінавацілі людзей у кулацтве і пагражалі расправай. Урэшце рэшт іх сям’я як і ўсе іншыя, была вымушаная пакінуць свой хутар і перавезці хату ў вёску. Калгас забраў іх коней і ўсю іншую жывёлу, і яны, як і ўсе вясковыя, працавалі, цяпер здабываючы не ежу, а «рысачкі ў сшытку» — працадні.


Што адчувалі гаспадары, аддаючы сваю жывёлу ў калгас, бачачы, як з ёю халодна і па-хамску, не шануючы, абыходзяцца чужыя? Як цяжка было глядзець, як тваіх коней без шкадавання выкарыстоўваюць і б’юць! Апісваючы гэтыя пачуцці крыўды і бяссілля, Пелагея Сяргееўна не магла стрымаць слёз нават у сваім пажылым веку, калі дзялілася са мной гэтымі ўспамінамі.


Яна апісвала, як аднойчы іх конь вырваўся і ўцёк з калгасу, але знайшлі яго ўжо мёртвым — захрасшым і ўтопленым у балоце. Ніхто не гараваў па ім, акрамя былых гаспадароў, а ў калгасе яго спісалі і забыліся.



У калгасе людзям зусім стала невыносна цяжка: ежы не было, працавалі за працадні, якія зрэшты лёгка можна было страціць, калі хаця б раз не выйсці на працу, не зважаючы на стан здароўя і абставіны. За адпрацаваныя працадні, ўспамінала Пелагея Сяргееўна, раздавалі ў нашае вёсцы харчовую гуманітарную дапамогу з ЗША — чачавіцу, якая за доўгі час у дарозе ўжо падгніла і была слаба прыдатная для ежы, але ўсе бралі бо больш нічога не было. Голад настолькі быў моцным, што яна ўспамінала, як адна жанчына, каб накарміць галодных дзяцей, схавала некалькі калгасных каласкоў за пазухай, калі выявілі, то брыгадзір яе моцна за гэта пабіў, а пазней яна была арыштаваная НКУС.



Апавядала Пелагея Сяргееўна і аб іншых акалічнасцях жыцця Сякерыч, напрыклад аб тым, што доўгі час да вайны ў Сякерычах жылі яўрэі, якія трымалі сваю краму ( ці-то карчму) і былі вельмі добрымі людзьмі. Яны жылі ў згодзе з мясцовымі жыхарамі, дапамагалі. Вельмі цёпла адзывалася аб іх Пелагея Сяргееўна. Аднак калі прыйшла вайна, усіх іх вывелі на "пяскі" за хатамі, выкапалі яму і расстралялі. Гэта было страшнае гора для ўсіх, бо яны былі добрымі і роднымі для многіх людзьмі, ўсе плакалі, калі згадвалі пра іх.


Пелагея Сяргееўна ў сваіх аповедах захоўвала памяць пра жыццё, напоўненае барацьбой, глыбокай любоўю да зямлі і сям’і, што падтрымлівала іх дух у самыя цяжкія часы. Вёска перажывала выпрабаванні, але людзі, як яна, не спыняліся: працавалі, дапамагалі адзін аднаму, пераадольвалі ўсе перашкоды. Жыццё часта было жорсткім, але ў іх знаходзіліся сілы, каб працягваць, трымацца разам і несці сваё святло, абараняючы будучыню для тых, хто прыйдзе пасля.




Мы падрыхтавалі гэтыя ўспаміны, каб нагадаць пра ўмовы жыцця людзей у мінулым і паказаць той вобраз сялянскага жыцця на шматлікіх хутарах нашае вёскі. Дзяліцеся сваімі ўспамінамі на гэтую тэму.

ree
ree
ree

Сякерычы 2014-2025

Увага! Выкарыстанне матэрыялаў з сайта, без прамой спасылкі на сайт- забараняецца!

bottom of page